ТАРНАГРО́ДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты (пераважна сярэдняй) Польшчы, накіраваны супраць абсалютысцкіх планаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага (адначасова курфюрст саксонскі). Абвешчана 26.11.1715 у г. Тарноград (Люблінскае ваяв.) на чале з С.​Ледухоўскім. Канфедэраты ставілі за мэту вывад саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай, дэтранізацыю Аўгуста II і замацаванне шляхецкіх вольнасцей. Саюзнік Аўгуста II у Паўночнай вайне 1700—21 цар Пётр I, не жадаючы ўмацавання ўлады караля, падтрымаў Т.к. і ўвёў у Рэч Паспалітую войскі. Шляхта ВКЛ у падтрымку Т.к. ў 1716 стварыла Віленскую канфедэрацыю. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі і саксонскімі войскамі на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пад націскам дыпламатаў Расіі ў Варшаве падпісана кампраміснае пагадненне паміж Аўгустам II, Т.к. і Віленскай канфедэрацыяй. 30.1.1717 пагадненне ратыфікавана і 1.2.1717 зацверджана «Нямым» соймам. Саксонскія войскі выводзіліся па-за межы Рэчы Паспалітай, улада караля абмяжоўвалася. Абмяжоўваліся і правы гетманаў, кароннае (польскае) войска скарачалася да 18 тыс. чал., а войска ВКЛ — да 6 тыс. Узмацніўся паліт. ўплыў Расіі на ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)